A R C H E П а ч а т а к № 6 (40) - 2005
Пачатак  Цалкам 


6-2005
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

   

Вокладка «Arche» №6, 2005

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Крытычныя інтэлектуалы: сымбалічная барацьба і структурнае процістаяньне.
Круглы стол


Удзельнікі: Альміра Ўсманава, Андрэй Горных і Вольга Шпарага (часопіс «Топос»), Андрэй Казакевіч («Палiтычная сфера»), Валер Булгакаў («ARCHE»), Ігар Бабкоў («Перекрестки»), а таксама Аляксандар Адамянц (сайт Інтэлектуальнай супольнасьці Беларусі), Сьвятлана Навумава (сайт «Наша думка»), Мікола Кацук (Інстытут сацыялёгіі НАН РБ), Алена Гапава (Цэнтар гендэрных дасьледаваньняў пры «EHU-International»)

Ігар Бабкоў:

Сёньня мы станем сьведкамі ўнікальнай падзеі – першай рэальнай сустрэчы трох вядучых выданьняў, якія прадстаўляюць беларускіх крытычных інтэлектуалаў. Гэта выданьні: часопіс «Топос», часопіс «Палітычная сфера» і часопіс «ARCHE». Хаця я сам зьяўляюся галоўным рэдактарам часопісу «Перекрестки», на гэтым круглым стале буду выконваць ролю мадэратара, а не прадстаўляць свой праект.

Такім чынам, я пачаў з таго, што гэта «першая рэальная сустрэча», паколькі віртуальна гэтыя часопісы палемізавалі адзін з адным, выпрацоўвалі палітыку, улічваючы адзін аднаго, чым фармавалі сваю ўласную і супольную гістарычнасьць. Каталізатарам гэтай сустрэчы стаў спэцыяльны апошні выпуск часопісу «Топос», прысьвечаны Беларусі, а дакладней, праблеме «Акадэмія і ўлада» і ЭГУ. То бок «Топос», у прынцыпе, часопіс філязофскі зь вельмі жорсткай фэнамэналягічнай скіраванасьцю, раптам зьвярнуўся да Беларусі... Давайце пачнём зь сьціслай, канцэптуальнай характарыстыкі кожнага з выданьняў.

Вольга Шпарага:

Я хацела б пачаць з таго, што галоўны рэдактар часопісу «Топос» – Тацяна Шчытцова, якой, на жаль, цяпер няма ў Менску. Таму часопіс і будуць прадстаўляць сябры рэдкалегіі. Пачаць я хацела б са звароту да той фэнамэналягічнай традыцыі, зь якой, найперш, асацыюецца наш часопіс.

Часопіс выходзіць з 2000 году. За гэты час было выдадзена 10 нумароў. Выдаваліся яны на базе філязофска-культуралягічнага цэнтру «Топас» пры ЭГУ. І калі ўзяць першы нумар часопісу, то ў ім ад імя рэдкалегіі кажацца, што ў аснове ягонай канцэпцыі ляжаць тры асноўныя ідэі: ідэя аб ісьціне ў гуманітарных навуках (1), дыялёг, у якім ісьціна і мусіць нараджацца (2), і зварот да філязофскай традыцыі (3). Узаемадзеяньне гэтых трох вымярэньняў павінна было садзейнічаць фармаваньню прафэсійнага філязофскага асяродзьдзя ў Беларусі. І як сказаў Ігар, гэтая філязофская традыцыя ў часопісе ад пачатку задавалася фэнамэналёгіяй і гермэнэўтыкай.

Пра гэтую традыцыю я й хацела б сказаць колькі словаў, паколькі, на маю думку, зварот да яе быў ня нейкім чыста абстрактным актам, а быў прывязаны да сытуацыі тут і цяпер.

Пачынальнікам гэтай традыцыі ў Беларусі быў філёзаф і рэктар ЭГУ А. А. Міхайлаў, які ў свой час (1970-я – 1980-я) быў вучнем В. с. Сьцёпіна – цяпер дырэктара Інстытуту філязофіі РАН, а ў 1970-я – 1980-я – выкладчыка і загадчыка катэдрай філязофіі гуманітарных факультэтаў БДУ. Аднак у адрозьненьне ад бальшыні вучняў В. с. Сьцёпіна, такіх як Л. Ф. Кузьняцова, А. І. Зелянкоў ды інш., А. А. Міхайлаў адмовіўся ад дасьледніцкай працы ў рамках мэтадалёгіі прыродазнаўчых навук дзеля распрацоўкі альтэрнатыўнага поля веды. Такім чынам, галіной ягоных дасьледаваньняў сталі гуманітарныя навукі і філязофія як падмурак гуманітарных навук. І невыпадкова ў гэтым кантэксьце зьявілася фэнамэналёгія, таму што ў свой час, на пачатку ХХ стагодзьдзя, менавіта фэнамэналёгія ў спрэчцы з нэакантыянствам і філязофіяй В. Дыльтэя задавалася пытаньнем ня проста пра гуманітарныя навукі, а пра тое пераўтварэньне, якое ў сувязі з пытаньнем пра гуманітарныя навукі павінна перажыць філязофія.

Фэнамэналёгія ў Беларусі ў асобе Міхайлава аказалася, як мне здаецца, спробай стварэньня нейкай альтэрнатыўнай савецкай мадэлі філязафаваньня прасторы. Савецкая мадэль філязафаваньня, на маю думку, характарызуецца найперш прыродазнаўчым і ідэалягічным рэдукцыянізмам, які вырашаў, з аднаго боку, задачу імітацыі філязофіі як крытычнага мысьленьня, што рабіла немагчымымі соцыягуманітарныя веды, з другога – абгрунтаваньня савецкай ідэалёгіі. Спроба мысьліць фэнамэналягічна ёсьць адной з магчымасьцяў стварыць нейкую альтэрнатыўную прастору філязофскай думкі, зьвернутай да чалавека, які самастойна і сумесна зь іншымі фармуе свой жыцьцёвы сьвет.

Аднак, як мне здаецца, выданьне апошняга нумару «Топоса», прысьвечанага праблеме «Акадэмія і ўлада» і ЭГУ, канчаткова паказала, што фэнамэналёгія і гермэнэўтыка як вызначальныя кірункі часопісу вычарпалі сябе. Тое, што было неабходна і магчыма на пачатку ХХ стагодзьдзя, а таксама ў сытуацыі канца савецкай эпохі, аказалася недастатковым для пачатку ХХІ стагодзьдзя: не стае фэнамэналёгіі, найперш крытычнага і антыўнівэрсалісцкага патасу сучасных сацыяльных і культурных дасьледаваньняў, якія дазваляюць казаць ня проста пра «жыцьцёвы сьвет», а пра тыя ці іншыя цалкам канкрэтныя фэномэны, напрыклад, пра Беларусь. Часткова гэта выявілася ў рубрыкацыі часопісу: у ім зьявілася і стала адыгрываць значную ролю рубрыка дасьледаваньняў візуальнай культуры, працай якой кіруюць Альміра Ўсманава і Андрэй Горных. У выніку апошні, 10-ты, нумар «Топоса» ўжо не абапіраецца на фэнамэналёгію і гермэнэўтыку, аднак тое, што дазваляе бачыць у ім прыналежнасьць традыцыі гэтага выданьня, – гэта зварот да філязофскай традыцыі ці, дакладней, да мноства філязофскіх традыцыяў. У гэтым сэнсе, мне здаецца, наш часопіс ёсьць найбольш акадэмічным з усіх наяўных сёньня ў Беларусі часопісаў, паколькі ягоныя аўтары спрабуюць, пра што б яны ні казалі, спасылацца на тыя ці іншыя чужыя тэорыі і паняткі, якія дазваляюць ім быць у дыялёгу з тымі ці іншымі сучаснымі эўрапейскімі альбо амэрыканскімі дасьледнікамі, і ўсё-ткі абмяркоўваць і вырашаць свае праблемы. То бок абавязкова павінны прысутнічаць указаньні, на якія менавіта тэксты і паняткі мы абапіраемся. Іначай кажучы, у часопісе задаецца нейкая рамка, хаця сёньня ўзьнікае пытаньне аб тым, што такое наагул акадэмічны часопіс і ў прыватнасьці акадэмічны часопіс сучаснай гуманітарыстыкі. Ну вось, такія мае меркаваньні, мо нешта з нагоды апошняга «Топоса» альбо сваёй рубрыкі нешта дададуць Альміра ці Андрэй?

Альміра Ўсманава:

Я б хацела пачаць з згадак Вольгі Шпарагі пра тое, што часопіс выдаваўся пры філязофска-культуралягічным цэнтры «Топас». Наагул, як такі цэнтар «Топас» – гэта не інстытуцыянальнае падразьдзяленьне і не дасьледніцкі калектыў, а, хутчэй, віртуальны праект аднаго чалавека – Тацяны Шчытцовай, зь якога і разгарнуўся часопіс. Той «Топос», які мы ведаем, – гэта найперш вынік яе намаганьняў і падзьвіжніцтва. Аднак, з часам пад «дахам» гэтага часопісу сабраліся самыя розныя «цэнтры», розныя дасьледнікі, бальшыня зь якіх, канечне ж, працавала ў ЭГУ, хаця і неабавязкова. Гэта я да таго, што назва «філязофска-культуралягічны часопіс» дае магчымасьць аб’яднаць вельмі розныя тэмы, надаўшы ім нейкую, няхай і намінальную, еднасьць – найперш еднасьць «месца гаварэньня».

Цікавая гісторыя гэтага апошняга нумару, яна вельмі важная для нас саміх, таму што гэта быў нумар, які мы хацелі зрабіць усе разам. Здавалася б, ЭГУ зачыніўся летась, той сацыяльны і палітычны лад (хочацца сказаць, абсурдны лад), у якім мы жывём, таксама зьявіўся ня сёньня, але тым ня менш, на тое, каб мы дасьпелі да выпуску такога нумару, відаць, павінен быў прайсьці пэўны час. Я заўважыла, дарэчы, што на працягу апошняга месяца, з таго часу, як гэты часопіс выйшаў, артыкулы сталі жыць сваім жыцьцём. Канечне, гэта адбылося таму, што сьпярша частка гэтых артыкулаў, а потым і ўсе артыкулы былі вывешаныя на сайце цэнтру «Топас», частка артыкулаў была прадстаўленая ў крыху зьмененым выглядзе на сайце «Наша думка», і па чарзе некалькі артыкулаў былі надрукаваныя на сайце Інтэлектуальнай супольнасьці Беларусі, які тут прадстаўляе Аляксандар Адамянц.

І мне здалося гэта вельмі цікавым фэномэнам, таму што ніколі да гэтага артыкулы з часопісу «Топос» не перадрукоўваліся, ці яны наагул не станавіліся прадметам інтэлектуальных дыскусіяў. Яны, можа, уяўлялі пэўную цікавасьць для філязофскай аўдыторыі ў Беларусі, але наагул яны шырака не абмяркоўваліся і тым больш не прыцягвалі да сябе цікавасьці на форумах. Я мяркую, што гэта добрая прыкмета, сымптом таго, што часопіс з крыху размытай ідэнтычнасьцю – асабліва «размытай» цяпер, пасьля таго, як зьявіўся гэты дзясяты нумар, – тым ня менш нарэшце займеў (ці пачынае гэта рабіць) сваю чытацкую нішу, тую аўдыторыю, якая, можа быць, для нас саміх доўгі час была пытаньнем.

Я мяркую, што некаторыя з прысутных, напэўна, гэты часопіс бачылі, таму я ня буду яго прадстаўляць ні па артыкулах, ні па аўтарах. Скажу толькі, што для публікацыі ў часопісе мы мабілізаваліся самі і запрасілі ўсіх тых нашых калегаў з ЭГУ, для каго і факт існаваньня, і акт закрыцьця ЭГУ сапраўды зьяўляюцца справай як асабістай, так і палітычнай. Зь іншага боку, мы прыцягнулі некаторых людзей зь іншых унівэрсытэтаў (у тым ліку і нашых заходніх калегаў), усіх тых, каму было б цікава ў гэтым нумары ўдзельнічаць. Але найперш, не стамлюся гэта паўтараць, я лічу, што гэты часопіс стаў формай калектыўнага выказваньня, нашай рэакцыяй на тое, што адбылося і з ЭГУ ў прыватнасьці, і, можа быць, на ўсё тое, што адбылося з інтэлектуальным асяродзьдзем у Беларусі ў цэлым за апошнія гады.

Валер Булгакаў:

Наша фокус-група – беларускамоўныя беларусы. Кіруючыся іх бягучымі культурнымі патрэбамі, мы спрабуем запоўніць незапаўняльнае. Напрыклад, у нашай краіне адсутнічае часопіс, прысьвечаны перакладам з замежных моваў на беларускую, і мы ў меру сваіх досыць невялікіх сілаў спрабуем гэтую нішу закрываць. Літаратурны працэс у беларускай мове часта прадукуе прымітыўныя тэксты, эстэтычна на ўзроўні XVIII–XIX стагодзьдзяў. У той жа час літаратурна-мастацкія выданьні адкідаюць арыгінальныя творы таленавітых аўтараў, таму мы ўважаем сваім абавязкам іх публікаваць. І разам з тым мы намагаемся быць у курсе інтэлектуальных працэсаў, якія разгортваюцца ў Эўропе і ў рэшце сьвету, і рабіць беларускую мову мовай сучаснай гуманітарнай навукі. Адсюль наш такі непазбыўны эклектызм, які, напэўна, будзе перасьледаваць нас датуль, дакуль ня зьявяцца адпаведныя спэцыялізаваныя выданьні на беларускай мове. А ці зьявяцца яны ў бліжэйшай будучыні – гэта вялікае пытаньне. Таму часопіс «ARCHE», які я тут прадстаўляю, практычна немагчыма ўявіць у кантэксьце паўнавартай культурнай традыцыі.

«ARCHE» ўзьнік у 1998 годзе. Яго істотная адрознасьць ад, напрыклад, «Топоса», была ў тым, што людзі, якія стаялі ля яго ўтварэньня, не маглі абаперціся на адукацыйную ці акадэмічную пляцоўку. Праца ў «ARCHE» выявілася несумяшчальнай з працай у дзяржаўнай сыстэме адукацыі, а прыватныя беларускамоўныя ВНУ, на жаль, дагэтуль ня створаныя.

«ARCHE» ўзьнік як прыватная ініцыятыва ўва ўмовах, калі ўлады пачыналі ажыцьцяўляць свой ідэалягічны дыктат і зачышчаць культурніцкую прастору, хоць да стварэньня холдынгу «Литература и Искусство» тады яшчэ не дайшло. Можна сказаць, «ARCHE» меў характар контракультурнай ініцыятывы.

На пачатку «ARCHE» арыентаваўся на літаратуру і інтэлектуальную «моду», цяпер – на інтэлектуальныя праблемы. Наша крытыка зазвычай абапіраецца на сур’ёзную эмпірычную базу і арыентуецца на важныя для культурнага і інтэлектуальнага працэсу артэфакты. Літаратура ў «ARCHE» цяпер ня мае цэнтральнага значэньня. Некалькі гадоў таму назад зьявіўся незалежны часопіс «Дзеяслоў», які друкуе аўтараў, якія ня маюць магчымасьці публікавацца дзе-небудзь яшчэ.

За тое, што дэ-факта мы адмовіліся ад літаратурна-мастацкага профілю, летась мы атрымалі папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі. Кара за палітызацыю «ARCHE» была суровай: часопіс забаронены для распаўсюджаньня празь дзяржаўныя кнігарні і кіёскі і мае напаўпадпольны статус.

Андрэй Казакевiч:

Часопіс «Палiтычная сфера» ўзьнік для таго, каб запоўніць нішу акадэмічнай паліталёгіі. Калі паглядзець на сучасны паліталягічны ляндшафт, то ён дзеліцца на апазыцыйную паліталёгію, дзяржаўную і акадэмічную. Апазыцыйная – гэта розныя прагнозы, бягучы «аналіз» сытуацыі, стратэгіі і г. д. Акадэмічная паліталёгія зьвязаная пераважна зь яе выкладаньнем у ВНУ. Дзяржаўная – працуе ў рэжыме, зьвязаным з палітычнымі падзеламі. Яна прадукуе аналітыку і, асабліва апошнім часам, ідэалёгію.

І ў нас узьнікла ідэя стварыць часопіс, які б займаўся ўласна палітычнымі дасьледаваньнямі, уключаючы ня толькі практычную палітыку, але і навуковую і тэарэтычную веду. Ідэя паўстала сярод людзей, якія так ці інакш былі зьвязаныя з катэдрай паліталёгіі БДУ. Галоўнай праблемай на працягу ўсяго існаваньня часопісу было абмеркаваньне ступені арыентаванасьці на практычную палітыку, асабліва прывязка да нейкіх палітычных кампаніяў, пошук нейкай нэўтральнае «інтэлектуальнае» пазыцыі, якая не была б зьвязаная непасрэдна з палітычнымі падзеламі, з палітычнымі інтарэсамі, і адначасова зь якой можна займацца дасьледаваньнем беларускага палітычнага поля. Дасьледаваньнем перш за ўсё міждысцыплінарным.

Наш часопіс выходзіць на дзьвюх мовах – і на беларускай і на расейскай – гэта залежыць ад таго, на якой мове піша аўтар. Замежных аўтараў перакладаем на беларускую мову. Звычайны нумар часопісу мае падтэму, напрыклад, «паліталёгія паліталёгіі» ў трэцім нумары, які быў прысьвечаны самавызначэньню палітоляга ў беларускай сытуацыі.

Ігар Бабкоў:

Калі рэзюмаваць ўсе гэтыя прэзэнтацыі, то мы ўбачым некалькі праектаў. Праекты «Топоса», «Палітычнай сферы» і «Перекрестков» – гэта праекты акадэмічныя. Гэтыя часопісы выдаюцца ў колькасьці ад 300 да 500 асобнікаў і ў прынцыпе не рэгіструюцца (за выняткам «Топоса»). Яны прадаюцца ў адным-двух месцах і пераважна разыходзяцца ў коле саміх інтэлектуалаў. Праект «ARCHE» іншы: ён прынцыпова зьвернуты да чытацкай публікі. Гэта спроба выйсьці па-за межы вузкага гета чытачоў, якое складаецца пераважна з саміх аўтараў і іх сяброў. І «ARCHE» ўдаецца рэалізаваць свой праект, колькасьць прададзеных часопісаў складае 1000–1500 асобнікаў. Адзінае, што б я дадаў, што звонку гэты часопіс ўсё-ткі не глядзіцца так эклектычна, як гэта падаецца знутры. То бок, я б назваў «ARCHE» часопісам антрапалягічным. Гэта часопіс па практычнай антрапалёгіі. Якім жа чынам можна пазначыць прадстаўленыя гэтымі часопісамі інтэлектуальныя пазыцыі? То бок пазыцыі, якія выводзяць часопісы па-за межы іх дысцыплянарнасьцяў, скажам так, у Беларусь. У такім разе другое пытаньне: чаму раптам прастора Беларусі праблематызавалася і як бы стала для нас усіх праблемай?

Андрэй Казакевiч:

Да гадоў 2000–2001 Беларусь увогуле не была аб’ектам сур’ёзных палітычных дасьледаваньняў. Калі паглядзець друкаваныя выданьні з артыкуламі па палітычнай праблематыцы, то на 90–95 % яны былі зьвязаныя альбо з тэорыяй, альбо дасьледаваньнямі кшталту «партыйная сыстэма Германіі, Францыі…» ці іншымі аб’ектамі, не зьвязанымі зь Беларусьсю. Па маім назіраньні, сапраўды Беларусь пачынае аналізавацца недзе на пераломе тысячагодзьдзяў, недзе з 2000–2001 гадоў сытуацыя становіцца цалкам іншай. Я думаю, што гэта тычыцца ня толькі саміх палітолягаў, але і шмат каго з інтэлектуалаў увогуле.

Альміра Ўсманава:

У тым, што вы сказалі, Андрэй, прасочваецца такая думка, што, з аднаго боку, 10 гадоў – гэта быў той пэрыяд, за час якога павінна было проста высьпець як бы новае акадэмічнае асяродзьдзе, зьвязанае непасрэдна зь Беларусьсю, з этнасацыяльнай, культурнай прасторай, і зь іншага боку, прыкметная палітызацыя нашых часопісаў, ну, можа быць, гэта ня тычыцца, як гэта ні парадаксальна гучыць, «Палітычнай сферы», але, безумоўна, тычыцца «ARCHE» і «Топоса», адбылася нават не ў 2001 годзе (год прэзыдэнцкіх выбараў), а літаральна ў апошнія гады. Гэта азначае, што, з аднаго боку, ёсьць фэномэн Лукашэнкі і зьвязаных з гадамі ягонага ўладараньня палітычных, эканамічных і сацыяльных рэпрэсіяў, а з другога боку, ёсьць аб’ектыўны працэс нацыянальнага і культурнага высьпяваньня, зьвязаны зь незалежнасьцю дзяржавы, але які не вынікае непасрэдна з пэўнага палітычнага рэжыму. І гэта насамрэч цікава, як гэтыя два працэсы – то бок працэс паступовага пагаршэньня палітычнай сытуацыі (у тым ліку працэс маргіналізацыі і выцясьненьня розных неафіцыёзных культурных праектаў) і працэс высьпяваньня незалежнай беларускай супольнасьці («незалежнай» як асобнай і адрознай ад расейскай, асобнай і адрознай ад усходнеэўрапейскай) – як вось гэта ўсё наклалася адно на адно. І, паўтаруся, усё гэта адбылося (ці ўжо праявілася) літаральна ў апошнія два гады.

Валер Булгакаў:

Адбываецца якасная трансфармацыя беларускага гуманітарыя. Час, які прайшоў з моманту атрыманьня незалежнасьці, усё-такі не пайшоў на глум. Шмат людзей атрымалі больш-менш якасную заходнюю адукацыю. Напрыклад, да палавіны аўтараў кожнага нумару «ARCHE» маюць адукацыю, атрыманую ў заходніх унівэрсытэтах, альбо фізычна знаходзяцца ў заходніх акадэмічных асяродках. Гэты якасны рывок у беларускай гуманітарыстыцы, можна спадзявацца, створыць нармальную інтэлектуальную дынаміку.

Зусім інакш было адразу пасьля атрыманьня незалежнасьці: працягвала існаваць савецкая традыцыя ператварэньня гуманітарнай навукі ў ідэалёгію альбо ў палітызаваную журналістыку.

Другая рэч, якая цешыць: Беларусь сапраўды становіцца прадметам рэфлексіяў міжнароднай інтэлектуальнай супольнасьці. Мы назіраем выбух зацікаўленьня да беларускай праблематыкі. У «ARCHE», між іншым, сёлета друкаваліся беларусазнаўчыя дасьледаваньні такіх буйных заходніх навукоўцаў, як брытанскі палітоляг Эндру Ўілсан, амэрыканскі гісторык Тэадор Уікс, які сядзіць цяпер у Вільні і піша кніжку, прысьвечаную інтэлектуальнай гісторыі гэтага гораду, японскі палітоляг Кімітака Мацузата, прафэсар Хакайдзкага ўнівэрсытэту.

І апошняе. Вось выйшаў нарэшце доўгачаканы другі том «Гісторыі Беларусі» Якава Трашчанка. І першае-лепшае, што прыйшло мне да галавы, – гэта прапанаваць напісаць на яго рэцэнзію славутаму ўкраінскаму гісторыку Яраславу Грыцаку. Ён кажа: не праблема, прысылай, буду пісаць. Наўрад ці гэта было магчыма яшчэ дзесяць гадоў таму назад, каб Яраслаў Грыцак, адзін з самых такіх таленавітых і ўплывовых украінскіх гісторыкаў, узяў і напісаў нешта на замову беларускага культурніцкага часопісу. Беларусь становіцца сваёй, больш прысвоенай краінай ня толькі для беларусаў.

Андрэй Горных:

Ствараецца такое адчуваньне, што нам усім ня будзе чаго рабіць пасьля Лукашэнкі, што Лукашэнка раскруціў Беларусь як брэнд і акурат таму цяпер гэтым усё больш цікава, актуальна займацца. А потым – за што змагаліся, на тое і напароліся: постлукашэнкаўская Беларусь рэінтэгруецца ў эўрапейскую сям’ю і мірна ў ёй растворыцца. А апазыцыйныя інтэлектуалы ператворацца ў ідэолягаў касмапалітычнага лібэралізму альбо перакваліфікуюцца ў нешта кшталту фальклярыстаў, што зьбіраюць рэшткі народнай традыцыі, каб майстраваць зь іх палатняныя лялькі незалежнасьці. Адсюль і пытаньне пра нашых крытычных інтэлектуалаў: яны крытычныя толькі да таго часу, пакуль раскручаны ня імі брэнд «Беларусь» дае столькі падставаў для вытанчанай і зьедлівай крытыкі, якую спачувальна прымаюць на ўсім сьвеце, альбо яны крытычныя незалежна ад гэтага брэнду.

На пачатку дыскусіі была спроба дэфініцыі крытычнага інтэлектуала. Гаворка вялася пра тое, што крытычны інтэлектуал гэта той, хто дыстанцуецца наагул ад любых палітычных плыняў, рухаў і гэтак далей. Вось сама гэтая дыстанцыя ад якога-любя ўдзелу ў барацьбе за ўладу, ад выразна выяўленай пазыцыі ў тым сэнсе стварае крытычных інтэлектуалаў? Я гэта пачуў. Правільна?

Андрэй Казакевiч:

Дасьледнік павінен выходзіць з палiтычнага поля, калі ён займаецца выданьнем часопісу ці прадукаваньнем дасьледнага тэксту. Гэта ня значыць, што «інтэлектуал» павінен займацца толькі напісаньнем тэкстаў, ён можа некалькі разоў на тыдзень пераходзіць з аднаго поля ў іншае, але натуральна, калі ён займае дасьледную (рэфлексіўную) пазыцыю, дыстанцыя павінна захоўвацца.

Андрэй Горных:

Гэта, хутчэй, сытуацыя таталітарнага грамадзтва, калі сам акт незалежнай «чыстай» думкі зьяўляецца як бы непасрэдна контраідэалягічным актам. Калі контраідэалягічнай ёсьць любая дыстанцыя ў адносінах да прасякнутай ідэалёгіяй рэчаіснасьці. Але назваць таталітарнай сучасную Беларусь было б перабольшваньнем. А пасьля Лукашэнкі гэта дыстанцыяваньне і наагул ня будзе працаваць, трэба будзе займаць нейкую пазыцыю...

Я згодны, што задачай інтэлектуала ня ёсьць лабавая крытыка партыі ўлады альбо там партыі лібэральных дэмакратаў. Але калі крытычная пазыцыя ў адносінах да існуючага ладу зьяўляецца неад’емнай характарыстыкай інтэлектуала, то што яму трэба крытыкаваць у такім разе, у адносінах да чаго, да якога крытычнага аб’екта павінен ён канструявацца як пэўны суб’ект грамадзкага жыцьця?

Сьвятлана Навумава:

Я згодная з тым, што сказаў Андрэй Горных. Лукашэнка, сапраўды, – гэта нейкі брэнд. Яго можна лічыць ледзь ня самым вядомым беларусам у сьвеце. Многія за мяжой наагул хаця б штосьці ведаюць пра Беларусь толькі таму, што чулі пра Лукашэнку. Але гэта так, да слова. Я хацела б падкрэсьліць іншае. На мой погляд, сёньня ідзе прыкметны працэс палітызацыі і, калі можна так сказаць, паліталягізацыі крытычных інтэлектуалаў. Калі мы зьвернемся да апошняга нумару «Топоса», то можам сказаць, што ў пэўным сэнсе гэта – палітычны маніфэст. Падобная палітызацыі і паліталягізацыя – непазьбежны працэс, таму што чым далей, тым больш адбываецца палітызацыя наагул усяго жыцьця Беларусі. Гэта можа выклікаць пярэчаньне, таму што часьцей мы гаворым, нібы «ўсім нам па барабану», «народ апатычны», «нікому нічога не цікава». Але гэта ня так. Насамрэч жыцьцё Беларусі крытычна палітызаванае. Крытычна. Яно палітызаванае ўжо таму, што якую б сфэру жыцьця мы ні ўзялі, мы адразу сутыкаемся з прысутнасьцю ў ёй улады. Мы ў літаральным сэнсе натыкаемся на ўладу. Нават у такіх, здавалася б, далёкіх ад палітыкі сфэрах, як спорт альбо рэкляма. Гэта ўсё стала палітыкай. Летась мы сутыкнуліся з гэтым, калі зачынялі ЭГУ. Дзяржава ў асобе яе чынавенства прыйшла і сказала: «Досыць, давайце зачынім». Пазьней гэта закранула і іншыя ўнівэрсытэты. І таму ўсе разважаньні пра Беларусь – гэта разважаньні пра палітыку. Даводзіцца «думаць Беларусь» найперш як палітычны праект. Як толькі вы назвалі свой часопіс «Палітычная сфера», вы сталі ня толькі палітолягамі, вы сталі палітыкамі. Мы цудоўна разумеем, Андрэй, калі мы называем сябе палітолягамі, то тым самым ужо займаемся палітыкай. Пагадзіцеся, што ў Беларусі пры адсутнасьці палітычнага рынку, палітычнай канкурэнцыі паліталёгія наагул не патрэбная. Строга кажучы, у нас няма і палітыкаў, каму маглі б спатрэбіцца палітычныя кансультанты. Таму, калі вы кажаце: «Я – палітоляг», вы як бы абвяшчаеце сваю палітычную пазыцыю. Вы становіцеся прыхільнікам палітычнага рынку. Вы прэтэндуеце на тое, каб мяняць сытуацыю ў краіне.

Алена Гапава:

У мяня такое ўражаньне, што я чытаю палеміку Леніна з Каўцкім. Альбо пра «партыйнасьць у літаратуры». Калі мы – і я – таму што я працавала ў ЭГУ, я пісала ў «ARCHE», я пісала ў часопіс «Фрагмэнты», то бок я разам з усімі ў гэтай лодцы – вось мы сядзім тут, абвяшчаем сябе крытычнымі інтэлектуаламі і ўсялякія словы прыгожыя, напісаныя на нашых сайтах, – але вось гэтыя часопісы выдаюцца, натуральна, пры падтрымцы нейкіх фондаў гуманітарных, гэта таксама вядома, гэта рэальнасьць. Пры гэтым мы ведаем, як мы ўсе галасуем, але потым мы наагул адхрышчваемся ад якой-любя палітычнай пазыцыі і робім выгляд, што мы наагул і неангажаваныя, ніколі не былі ангажаваныя і наагул чыстыя інтэлектуалы. Ці можна паспрабаваць дэканструяваць сябе, паспрабаваць быць сумленнымі з сабой? – таму што зразумела, што веданьне, за якое нам плацяць і якое мы вырабляем і якое незапатрабаванае ў старой сыстэме адукацыі, ёсьць палітычным. Я, да прыкладу, не магу сабе ўявіць – нават перажыўшы закрыцьцё ЭГУ, як усе астатнія, як траўму – я не магу сабе ў Амэрыцы ўявіць унівэрсытэту, які б фінансавалі беларускія ці расейскія грошы (ну, беларускія, гэта ў прынцыпе немагчыма – няхай расейскія), дзе выкладалі б «расейскі» корпус тэкстаў, зьвязаны там зь нейкай расейскацэнтрычнай пазыцыяй і выпускнікі якога потым знаходзілі сабе месца з-за іх адсутнасьці ў Амэрыцы па-за яе межамі і там зараблялі б гэтай ведай... То бок мы сапраўды ў гэта ўцягнутыя. Наша пазыцыя была палітычная ад самага пачатку, і яна структурна палітычная, улічваючы тыя рэсурсы, якія ўсе мы выкарыстоўваем, і пры гэтым рабіць выгляд, што, ну, мы ня ведаем, за што зачынілі ЭГУ – немагчыма.

Ігар Бабкоў:

Мы падышлі, магчыма, да першай мадэлі разуменьня крытычнага інтэлектуала. Можна ўявіць Беларусь у выглядзе рамкі ці поля, у якім выяўляюць сябе самыя розныя выданьні і праекты. Часткай зь іх ёсьць minority culture – мінарытарная беларуская культура («ARCHE», «Фрагмэнты»); на памежжы гэтай культуры і акадэмічнага асяродзьдзя ўзьнікаюць «Палітычная сфера», за межамі гэтай культуры ўзьнікае і існуе «Топос». Аднак нечакана ўнутры гэтай прасторы адбываецца нешта такое, што як бы выцясьняе «Топос» і ЭГУ за рамку Беларусі, адначасова і на рамку мінарытарнай культуры адбываецца ціск, які сьціскае яе і імкнецца да яе захопу. І ў гэтай сытуацыі ўсе пералічаныя пазыцыі пачынаюць злучацца, скажам, узаемнай ацэнкай, узаемнай палемікай. Напрыклад, з пазыцыі «ARCHE» як часопісу па практычнай антрапалёгіі ўсё, што надрукавана пра Беларусь у «Топосе», – гэта такі круты, да таго ж часткова снабісцкі дылетантызм філёзафаў, якія лічаць, што яны могуць інтэрпрэтаваць тэксты, нічога ня ведаючы ні пра традыцыю, ні пра краіну, так што ў «Топосе» дзьве траціны любога тэксту – пра тое, што аўтар чытаў з заходніх кніг, і апошнія два абзацы нібы пра Беларусь... І наадварот: аўтары тэкстаў «Топоса» глядзяць на аўтараў «ARCHE» як на людзей, якія ня ўмеюць працаваць з мысьленьнем, ня ўмеюць працаваць з паняткамі, ім здаецца, што яны думаюць, а насамрэч мысьленьня не адбываецца. То бок раней аніяк не злучальныя праекты злучаюцца такімі ўзаемнымі ацэнкамі. Акрамя таго, можна ацаніць гэтую сытуацыю з пазыцыі Сьвятланы Навумавай, якая кажа, што ўсе мы ў роўнай ступені палітызаваныя, дарма што нібы мы розныя, дарма што мы ацэньваем адзін аднаго па-рознаму і што нават дарма што на нашых вачох крышталізуюцца клясычныя інтэлектуальныя пазыцыі: Альміра і Андрэй – гэта левыя інтэлектуалы, а Андрэй Казакевіч, напэўна, правы... Алена ж Гапава наагул кажа, што ўсе мы купленыя... Гэта значыць, што ўсё, што мы пра сябе думаем як левых, правых, зялёных і г. д. ня мае аніякага сэнсу, таму што вызначальнае тое, хто аплачвае нам працу. Што ставіць пад сумнеў усе нашыя пазыцыі і дасягненьні. У такім разе, у мяне ёсьць як мінімум дзьве вэрсіі таго, што адбываецца. Альбо мы ўсе гамагенізуемся, то бок палітызуемся, становімся прадажнымі інтэлектуаламі, якія існуюць на заходнія грошы і чамусьці думаюць пра сябе як пра белых і пушыстых, ці сапраўды адбываецца здаровы працэс крышталізацыі пазыцыяў, і мы пачынаем падзяляцца на левых і правых, а ня толькі на беларускамоўных і расейскамоўных.

Алена Гапава:

Хачу патлумачыць сваю пазыцыю. Яна заключаецца ў наступным: тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, на постсавецкай прасторы, хаця ў Беларусі гэты працэс найбольш відавочны, можна абазначыць як «клясавае» супрацьстаяньне. У Беларусі яно мае яскравую нацыянальную афарбоўку – і Лукашэнка таксама становіцца «нацыяналістам», яму «няма чаго рабіць» іначай. Гэта па сутнасьці «клясавае» супрацьстаяньне, таму што існуе паміж групамі з рознымі рэсурсамі. І адпаведна інтэлектуалы, якія з аднаго боку – гэта інтэлектуалы вось гэтай «клясы», празаходняй эліты, якія працуюць у новых унівэрсытэтах, прасоўваюць іншую веду... Ува ўсіх часопісах, пра якія вядзецца гаворка, агромная частка – пераклад заходніх тэкстаў. А ўвядзеньне ўва ўжытак некаторых тэкстаў ёсьць прасоўваньнем пэўнай ідэалёгіі. Зь іншага боку, існуе прапрэзыдэнцкая прафэсура, якая абараняе тыя пазыцыі, той сацыяльны капітал, які яна атрымала ў старой сыстэме і які ў новай сыстэме наагул ня мае аніякай вагі. Гэта «савецкая» філязофія, літаратуразнаўства, гісторыя... У нас іншы сацыяльны капітал, выбудаваны на заходняй ведзе і доступе да заходніх рэсурсаў. З гледзішча ж палітыкі, з гледзішча «каму выгадна», мы ўсе выступаем за такія нібыта добрыя рэчы, як правы чалавека, свабода, свабода слова... Але пры гэтым аказваецца, што гэта ў філязофіі бываюць нейкія нэўтральныя гуманітарныя альбо ўнівэрсальныя каштоўнасьці. Як толькі мы пераходзім да сацыяльнай тэорыі, у сэнсе – да канкрэтнай групы, канкрэтных людзей на канкрэтнай прасторы, то аказваецца, што вось гэтая вось свабода слова і ўсе астатнія каштоўнасьці, яны зьвязаны акурат з пазыцыяй пэўнай клясы і пэўным клясавым ладам. Я магу патлумачыць, але не жадаю паўтараць, у мяне ў артыкуле, надрукаваным ў апошнім «Топосе» пра гэта напісана, чаму тая бабця, якая жыве ў калгасе «Новы шлях», і вось якая ад новага сацыяльнага ладу анічога не атрымала, чаму яна галасуе супраць «свабоды слова». Ды яна супраць іншага зусім галасуе! Рухі рэзыстантныя ўзьнікаюць заўсёды сярод тых, каму ня вельмі кепска. А вось тыя, каму вельмі кепска, у іх няма голасу, вось яны там сядзяць, і аказваецца, што ад трох да пяці, васьмі гадоў, калі была свабода слова, і ўсё астатняе, гэта было поўнае жабрацтва, і рабаваньне, і разбурэньне жыцьця. А вось калі «свабоды» стала меней, дык выявілася, што ў яе пэнсія крыху вырасла, яшчэ нешта там такое. На жаль, гэта так. Гэта структурны падзел, ад якога мы анікуды ня можам падзецца. Пакуль яшчэ гісторыя чалавецтва ніколі ня ведала прыкладу дэмакратыі, калі яна б існавала па-за капіталізмам. Але пры капіталізьме бабці з калгасу «Новы шлях» становіцца вельмі кепска – у яе няма рэсурсаў, якія ў гэтай сыстэме канвэртаваліся б у капітал. І калі б гэтую бабцю вывесьці наагул з дыскурсу, ну, можна казаць, крытычныя інтэлектуалы могуць казаць праміж сабой пра ўсялякія цікавыя рэчы. Але я не магу адмовіцца ад гэтай бабці....

Альміра Ўсманава:

Я хацела б, хаця, можа быць, гэта не зусім аб тым, пра што цяпер Лена казала, вярнуцца да тэмы, якую прапаноўваў да таго Ігар, а заразом паспрабаваць адказаць на пытаньне, якое задаваў Андрэй Горных. Па-першае, у той мадэлі, якую ты, Ігар, тут прадставіў, ёсьць месца таму, пра што толькі што сказала Лена Гапава. Лена якраз выступае з пазыцыяй такога клясычнага марксізму, дзе «чалавек ёсьць тым, што ён есьць» (як казаў Фаербах). Чалавек, якому плацяць грошы, заўсёды, адпаведна, мусіць іх адпрацоўваць. Тым ня менш, у інтэлектуальным асяродзьдзі гэтыя адносіны не такія прымітыўныя, альбо, прынамсі, яны вымагаюць больш складаных схемаў. Як я пісала ў сваім артыкуле для «Топоса», інтэлектуалу плацяць за тое, каб ён выступаў «супраць», каб ён дазваляў сабе быць хаця б у нейкай ступені аўтаномным. Чалавек, які перабіваецца з хлеба на ваду, ня ў стане абстрагавацца ад умоваў уласнага жабрацкага існаваньня і паразважаць аб прычынах і мэханізмах сацыяльнага ўладкаваньня. Неабходна пэўная ступень матэрыяльнай незалежнасьці, каб мець магчымасьць бачыць далей і глыбей.

Ігар Бабкоў:

Я б з марксісцкай пэрспэктывай пагадзіўся, але насамрэч Алена Гапава выступае з пазыцыі вонкавага дамінантнага аўтарытэта, які імкнецца як бы панізіць інтэлектуальны капітал усіх нас. Так, я згодны, што ў нас адбываецца ўзьнікненьне – ну, ня клясаў, але новых слаёў. Так, мы займаем розныя інтэлектуальныя пазыцыі і рознае месца ў структуры вытворчасьці ведаў. Але хіба гэта гаворыць пра нашую татальную прадажнасьць?

Альміра Ўсманава:

Можна, я скончу тое, што я хацела сказаць? Вельмі коратка. Мне ўяўляецца, што сувязь паміж грашыма і думкай адназначна не такая простая і не такая адназначная: філязофія наагул не была б магчымай як такая, калі б гаворка ішла толькі пра тое, хто ў якой структурнай пазыцыі знаходзіцца. Але зь іншага боку, я падумала, што цяпер, вось напэўна ў дадзены момант дыскусіі, гэта даволі актуальнае адрозьненьне, таму што калі казаць пра крытычных інтэлектуалаў зь лібэральнымі поглядамі, то пасьля сыходу Лукашэнкі ў іх дакладна ўзьнікнуць праблемы з тым, што крытыкаваць далей. У левых інтэлектуалаў такой праблемы не ўзьнікае – проста таму, што капіталізм больш жывучы, чым Лукашэнка. І адпаведна пасьля сыходу Лукашэнкі наш аб’ект крытыкі захаваецца.

Андрэй Горных:

Андрэй Казакевіч разглядае беларускую паліталёгію як варты крытыкі аб’ект. Сьвятлана Навумава кажа пра тое, што аб’ектам крытыкі ёсьць палітыка наагул, у прыватнасьці Лукашэнка і ўсё, што з гэтым зьвязана. Але і гэта, мне здаецца, завужае аб’ект крытыкі, што да якога складваецца пазыцыя інтэлектуала. Трэба браць шырэй. Лена Гапава ў рамках постмарксісцкага праекту лічыць, што аб’ект гэты можа быць самым розным – самыя разнастайныя віды прыгнёту. Маркс крытыкаваў эксплюатацыю рабочых, а інтэлектуал часоў постмадэрну крытыкуе становішча жанчын, афра-амэрыканцаў, сэксуальных мяншыняў, свойскіх жывёлаў, – ну, то бок усё што заўгодна (асабліва калі гэта знаходзіцца ў рамках палітыкі фондаў, што выдаткоўваюць грошы на дасьледаваньні). Здавалася б, куды шырэй. І тым ня менш, калі мы прыгадаем пра генэалёгію крытычнага інтэлектуала, мы павінны зьвярнуцца да марксізму, каб хаця б неяк акрэсьліць панятак. Галоўным і непаўторным аб’ектам для крытыкі ў гэтым выпадку зьяўляецца такая рэч, як таварна-грашовая форма, якая працуе на ўсіх узроўнях, ува ўсіх фэномэнах капіталістычнай культуры. І задача-мінімум крытычнага інтэлектуала – дэтэктаваць і даводзіць да сьвядомасьці большасьці, «сярэдняй клясы» тое, як працуе таварна-грашовая форма там, дзе абывацель і ня думаў яе сустрэць – на ўзроўні мастацтва, фантазіі, жаданьня, прасторава-часавага досьведу штодзённасьці. То бок у гэтым сэнсе, як мне здаецца, крытычная тэорыя, левая ідэя і марксізм – гэта абсалютна іманэнтныя заходняму грамадзтву зьявы. Пачынаючы з таго, што яны нарадзіліся, уласна кажучы, у нетрах Эўропы як спроба заходняга грамадзтва зразумець, што зь ім адбываецца. І як мінімум усьцерагчы сябе ад ідэалягічнага фанатызму, Адзінага Народу, аб’яднанага ідэяй, – нацыі, альбо вольнага спажываньня, альбо дэмакратыі, чым заўгодна. Вось тая філязофская рамка, якую павінен, на мой погляд, няхай «бакавым зрокам», але ўтрымліваць крытычны інтэлектуал, разглядаючы тую ці іншую канкрэтную падзею альбо фэномэн. Калі мы гэтых рамак не ўтрымаем, калі мы цалкам сыдзем у прыватнасьці, ці то становішча беларускага гуманітарыя альбо чорнай лесьбіянкі, гэта будзе недаравальнай рэдукцыяй крытычнага аб’екту.

Мікола Кацук:

Я б хацеў выказаць некаторыя свае меркаваньні з нагоды прапанаванай схемы і гэтай сытуацыі. Мне ўяўляецца, што зварот інтэлектуалаў альбо, скажам так, зьяўленьне інтэлектуалаў як відавочных (для саміх сябе) у Беларусі зьвязана ня толькі з працэсамі, што адбываюцца непасрэдна ў Беларусі, але і наагул з сусьветнымі тэндэнцыямі. Умоўна я гэта пазначыў бы як дэінтэлектуалізацыя культуры. У прынцыпе, гэтую гіпотэзу лёгка праверыць, можна паглядзець колькасьць выступаў інтэлектуалаў у 1990-я гады і ўсплёск, які, як мне здаецца, прыпаў на час пасьля 2000 году. У нас адбываецца дэінтэлектуалізацыя, дэпрафэсіяналізацыя практычна ўва ўсіх сфэрах жыцьця, ці ж ня так? Аказваецца, што банкамі можа кіраваць заслужаны будаўнік і, у прынцыпе, нармальна кіраваць. Адукацыя дэвальваваная. Зь іншага боку, на Захадзе, відавочна, што ўсемагчымыя палітычныя кампаніі: «Ірак», «выратуем Амэрыку ад тэрарызму» – усё гэта адбываецца без усялякага інтэлектуальнага абгрунтаваньня. «Кажы больш эмацыйна, і людзі табе павераць». І ў гэтым сэнсе, мне здаецца, зьяўленьне інтэлектуалаў выклікана тым, што яны сталі баяцца акурат за свой капітал – сацыяльны капітал і палітычны. Яны сталі разумець, што надыходзіць сьвет, у якім мазгі ня цэняцца. Інтэлектуальнасьць увогуле заўсёды будзе запатрабавана, але ў якой якасьці? І гэты зварот, хуткая перакваліфікацыя сябе ў інтэлектуалы, мне здаецца, зьвязаная акурат з гэтым працэсам. І ён ідзе ня толькі ў Беларусі, але і наагул на ўсім сьвеце.

Што ж тычыцца дыскусіі аб крытычных інтэлектуалах. Мне здаецца, што найперш тут зьмешваюцца два падыходы: крытыка як гаварэньне таго, што я супраць, і адпаведна пісаньне ідэалягічных артыкулаў для «Народнай волі», толькі на больш кваліфікаванай мове і са спасылкамі на тых ці іншых заходніх альбо мясцовых прадстаўнікоў. І крытыка ў сэнсе Канта, то бок ускрыцьцё ўмоваў магчымасьці чаго-небудзь. І ўмоваў магчымасьці паліталёгіі, і ўмоваў магчымасьці рэжыму. І ў гэтым сэнсе здымаецца тая праблема, як можна дыстанцыявацца. Гэта, найперш, рэфлексіўная практыка, рэфлексіўны занятак.

Яшчэ колькі словаў з нагоды «Топоса» і, скажам так, купленасьці альбо прадажнасьці інтэлектуалаў. Калі мы кажам пра тое, што ўсе інтэлектуалы купленыя і абгрунтоўваем гэта нейкімі схемамі, то незразумела, адкуль выказваньне гэта вымаўляецца. «Хто праплаціў за тое, каб сказаць, што ўсе інтэлектуалы купленыя?» То бок гэта пэрфарматыўная супярэчнасьць.

Што ж тычыцца палітызацыі, мне ўяўляецца – прынамсі, я абапіраюся на дадзеныя сацыялягічных дасьледаваньняў, – што на самай справе ёсьць абсалютная дэпалітызацыя... То бок палітыка ў Беларусі зьнікла, – калі разумець палітыку як вырашэньне супольных праблемаў – зьнікла, і практычна ўсе сфэры жыцьцядзейнасьці грамадзтва сталі кіраванымі. То бок палітыка замянілася на адміністраваньне. Куды ня пніся – чыноўнік. Але чыноўнік ня сам прымае рашэньні.

І адносна «Топоса» і артыкулу Фурса. (...)

Артыкул крыху празьмерны. Калі пачытаць літаратурныя крыніцы, дасьледаваньні, то, у прынцыпе, усё ў нас робіцца паводле Гёбэльса. Гэта працавала і ў 1930-я гады. Але, тым ня менш, у канцы свайго артыкулу ён робіць вельмі важную выснову, важную канстатацыю: асноўная праблема палягае ў тым, што ўвесь інтэлектуальны дыскурс і ўся Беларусь сканцэнтраваны на асобе Лукашэнкі. Адпаведна, тым самым робіцца адрозьненьне. Адныя інтэлектуалы, што выступаюць «за» ці «супраць», узнаўляюць гэтую самую фігуру. І другія, што спрабуюць проста знайсьці нейкія іншыя падставы для таго, каб апісаць тое, што адбываецца ў Беларусі. Таму што выступаючы супраць, я ўсё адно надаю значэньне, я надаю статус таму, супраць чаго я выступаю. Мне здаецца, што адна з задачаў крытычных інтэлектуалаў – паказаць, што Беларусь ня тоесная гэтай асобе.

Андрэй Казакевіч:

Тут было сказана пра ўплыў «інтэлектуалаў» на палітыку (у тым ліку і праз выданьне часопісаў). Але я, напрыклад, ня бачу сэнсу прапаноўваць палітыкам акадэмічны часопіс, каб яны яго чыталі. Гэта трошкі іншы жанр, для іншае аўдыторыі, тут мы кажам пра вытворчасьць веды. Я збольшага добра ведаю, якім павінен быць часопіс, каб яго чыталі лідэры партыяў ці іх намесьнікі, але гэты іншы жанр. Прынамсі, будуць чытаць функцыянэры ды аналітыкі каля іх, нешта будуць абмяркоўваць, будзе адбывацца камунікацыя. Але гэта зусім іншае. Калі выдаецца прадукт «акадэмічнага» жанру, ён ня можа выдавацца там па 10–11 тысяч экзэмпляраў і прадавацца ў кожным шапіку. Гэта немагчыма, тысяча – тысяча дзьвесьце – максымум. І такое выданьне накіравана на прадукаваньне веды, а не на зьмену палітычнага ляндшафту ці актывізацыю палітычнае камунікацыі. Потым гэта веда можа трансьлявацца праз сыстэму адукацыі, праз дыскусіі, іншым чынам уплываць на сьвядомасьць, але ад пачатку такая задача ня ставіцца. Для гэтага ёсьць іншыя структуры, іншыя выданьні, іншыя інтэлектуальныя практыкі. Той самы інтэлектуал, скажам, чалавек, які займаецца выданьнем такога часопісу, можа жыць за кошт нейкіх іншых справаў – грамадзкіх, дзяржаўных, палітычных і гэтак далей.

Сьвятлана Навумава:

Я хацела зьвярнуць вашую ўвагу: у таго кола людзей, якія лічаць сябе інтэлектуаламі, усё-ткі ёсьць патрэба выйсьці з «інтэлектуальнага гета», як кажа Ігар. Я прывяду ў прыклад многім тут добра вядомую гісторыю з сайту «Наше мнение», які ўвогуле зьявіўся з ініцыятывы аднаго чалавека, дакладней – невялічкай купкі людзей. Я мела непасрэднае дачыненьне да ягонага стварэньня. Ён задумваўся як сайт палітычнай аналітыкі, дзе можна было б знайсьці непасрэдную рэакцыю на палітычныя падзеі. Але праз пэўны час на гэтым сайце сталі зьяўляцца артыкулы тых, каго я нават не чакала там убачыць. Дарэчы, многія з тут прысутных прапаноўвалі свае артыкулы. Можна казаць пра тое, што яны захацелі выйсьці за межы вузкага кола і трапіць у кола шырэйшае. Канечне, публікацыя на сайце таксама не гарантуе масавай аўдыторыі, але ўсё-ткі аўдыторыя больш шырокая. Пры гэтым я лічу, што такія спробы трэба вітаць. Мне здаецца недарэчным інтэлектуальны снабізм. Гэта ня значыць, што трэба ў літаральным сэнсе «ісьці ў народ», але, у прыцыпе, нейкая частка інтэлектуалаў натуральна павінна займацца папулярызацыяй сваіх пазыцыяў.

Андрэй Казакевіч:

Я толькі яшчэ раз адзначу, што трэба адчуваць розьніцу жанраў. Ёсьць практыкі вытворчасьці «аналітычнае» палітычнае веды кшталту сайту «Наше мнение», ёсьць прастора чыстае палітычнае камунікацыі: «Народная воля» і г. д. Задача нашага часопiсу – самаапісаньне беларускай палітычнай сыстэмы на адносна «нармальным» канцэптуальным і крытычным узроўні, усё. Гэта – ідэальная мадэль. Далей вынікі дасьледаваньняў, натуральна, могуць распаўсюджвацца праз сыстэму адукацыі, сэмінары і г. д. Прычым гэта могуць рабіць тыя самыя людзі, якія робяць выданьне. Але большасьць тэкстаў з нашага часопісу немагчыма зьмясьціць на сайце «Наше мнение» ці ў «Весніку БДУ». Напрыклад, добры тэарэтычны тэкст пра выбары ў якім-небудзь, ня ведаю, Воранаўскім раёне з аналізам на 20 старонак, думаю, немагчыма разьмясьціць ні на сайце «НМ», ні ў «Весніку БДУ», ні тым больш у «Народнай Волі».

Вольга Шпарага:

Мне ўсё-ткі здаецца, што мы гаворым цяпер і пра крытычных інтэлектуалаў, і не. То бок і тая пазыцыя, якую адстойвае Андрэй Казакевіч, і тая пазыцыя, якую займаў «Топос» да дзясятага нумару, – гэта пазыцыя прафэсійнага часопісу, то бок часопісу, які працуе ў сваёй спэцыяльнай галіне ведаў. І, на маю думку, аўтар інтэлектуальнага часопісу альбо тэкст у такім часопісе займае пазыцыю крытычнага інтэлектуала ў тым выпадку, калі гэты тэкст сапраўды набывае голас у нейкай іншай прасторы і пачынае, можна сказаць, кіраваць гэтай прасторай ці нейкай часткай гэтай прасторы, то бок пачынае ўплываць на ўладу, весьці за сабой пэўныя групы. Інтэлектуал, альбо крытычны інтэлектуал, гэта той, хто ўплывае на ўладу. Гэта не папрок у бок прафэсійнага часопісу, які неабходны. Але быць прафэсіяналам у сваёй галіне ведаў ня значыць аўтаматычна быць крытычным інтэлектуалам. Я лічу, магчыма, нашыя часопісы як прафэсійныя займаюццца структураваньнем беларускай культурнай прасторы, структураваньнем прасторы ведаў. Але «Топос» апошні, дзясяты, зрабіў спробу заняць пазыцыю крытычнага інтэлектуала, паколькі ягонай прадметнасьцю – прафэсійнай прадметнасьцю – стала Беларусь, якая не ўмясьцілася ў рамкі філязофскай рэфлексіі. Гэта значыць, што мы прапанавалі свае развагі тым, каму нашыя развагі цікавыя і былі раней зусім не даступныя, паколькі мы працавалі з такімі прадметнасьцямі, зь якімі працуюць толькі філёзафы. А цяпер мы зьвярнуліся да такой прадметнасьці, так, але з сваёй філязофскай пэрспэктывы, якая вось як бы запатрабаваная, пра якую ў гэтай пэрспэктыве пішуць, якую аналізуюць і ў іншых галінах. Магчыма, я цяпер думаю, што, па сутнасьці, любая тэма можа быць філязофска, паліталягічна асэнсаваная так, што яна будзе даступная і важная і ў іншых галінах. Магчыма, гэта яшчэ адно вымярэньне інтэлектуалізму і крытычнага інтэлектуала, датычнае і пытаньня стандартаў акадэмізму: каб філёзаф мог напісаць так, каб гэта было цікава і важна ня толькі яму. Але ўсё-ткі ў маім разуменьні крытычны інтэлектуал – гэта той, хто ўплывае на ўладу. І наагул трэба прызнаць, што мы, і «Топос» у прыватнасьці, аніяк не ўплываем на сытуацыю ў Беларусі. Наша аўдыторыя – гэта тры чалавекі, якія займаюцца самавызначэньнем, часопіс дапамагае ім самавызначыцца, падтрымлівае ўзровень іх ведаў, ну а цяпер, з апошнім «Топосом», мы прыадкрылі вочы на тое, што мы як філёзафы можам аналізаваць Беларусь і нейкія яе праблемы. Аднак гэта толькі першы крок, які сьведчыць аб тым, што крытычных інтэлектуалаў у Беларусі пакуль яшчэ няма. У такім разе што мы абмяркоўваем? Магчыма, нам варта задацца пытаньнем, як у цяперашніх умовах усё-ткі падтрымліваць узровень прафэсійных ведаў?

Мікола Кацук:

Я хацеў бы зрабіць адно даволі істотнае ўдакладненьне. У штаб-кватэры БНФ на цяперашнім праспэкце Машэрава ёсьць кніжная выстаўка, і там ляжыць часопіс «Палітычная сфера». Там ён ляжыць, і палітыкі яго чытаюць. Так што, мне здаецца, ня трэба загадзя прыбядняцца. Іншая справа, што так ці іначай інтэлектуальны тэкст, як камень у вадзе, разносіць нейкія хвалі. І так ці іначай палітыкі вымушаны рэагаваць на гэта. І мне здаецца, што пазыцыя, калі мы кажам пра пазыцыю рэдактара часопісу, складаецца ў тым, каб была ўнутраная палітыка выданьня, каб плянаваць выхады. Бо на самым пачатку ангажаванасьць узьнікае не з-за таго, што хтосьці там за кімсьці стаіць, а таму, што інтэлектуал ці дасьледнік ангажаваны найперш выбарам тэмы. То бок можна выбраць такую тэму, пад якую хтосьці дасьць грошы, а можна зыходзіць з свайго інтарэсу. І ў гэтым сэнсе часопіс «Палітычная сфера», што б там Андрэй Казакевіч ні гаварыў, так ці іначай мяняе калі нават ня ўладу, то тыя ж палітычныя партыі, тых людзей, якія знаходзяцца ў апазыцыі. І ў гэтым неабходна, мне здаецца, проста прадумваць скіраванасьць гэтага ўзьдзеяньня. Таму што яны ўсё адно... Яны ўжо чытаюць гэты часопіс. Так, я думаю, тое самае з «Топосом» і «ARCHE», і так ці іначай усё гэта разносіцца.

Аляксандар Адамянц:

Я б хацеў выказацца з нагоды таго прадмета, які мы абмяркоўваем на гэтай сустрэчы. Можна да бясконцасьці спрачацца, хто з нас левы інтэлектуал, а хто правы. Можна разважаць пра тое, хто і за што плаціць і хто не, і гэтак далей. Канечне, гэта важныя пытаньні, пра іх можна і трэба спрачацца. Але тут у мяне ўзьнікае пытаньне пра дарэчнасьць гэтай спрэчкі, якая адбываецца ў гэты момант. Ці варта абмяркоўваць на гэтай сустрэчы пытаньні тэарэтычныя? Мне здаецца, што для гэтага ёсьць безьліч іншых, больш прыдатных магчымасьцяў. Для гэтага інтэлектуальная традыцыя (найперш заходняя) выпрацавала спэцыяльныя формы. Ёсьць навуковыя часопісы, канфэрэнцыі, сэмінары і г. д. Цяпер важнейшай праблемай ёсьць праблема практычная. Праблема, якая вызначае агульную культурную сытуацыю ў Беларусі, у прыватнасьці тую сытуацыю, якая датычыцца сфэры інтэлектуальнай дзейнасьці, сфэры соцыягуманітарнай веды. Гэтую культурную сытуацыю вельмі добра вызначыў беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч. Ён назваў гэтую сытуацыю «архіпэлягам Беларусь». Што азначае гэтая мэтафара? Акудовіч выкарыстаў гэтую мэтафару найперш да беларускай мовы і самасьвядомасьці. Існуе мноства розных групаў людзей, лякальных супольнасьцяў, асобных людзей, якія гавораць па-беларуску, культывуюць беларускую мову, спрабуюць яе папулярызаваць і разьвіваць. Але гэтыя цэнтры існуюць асобна адзін ад аднаго, яны амаль не зьвязаныя адзін з адным. Сытуацыя беларускай мовы нагадвае архіпэляг сярод «мора расейскай мовы». Мэтафара архіпэлягу вельмі дакладна характарызуе і сытуацыю інтэлектуальнай прасторы Беларусі. Напрыклад, калі б я асабіста ня быў знаёмы з Андрэем Казакевічам, я б і ня ведаў, што існуе такі часопіс, як «Палітычная сфера». Пры тым, што мы жывём у адным горадзе. Што ж казаць пра чалавека з правінцыі, чалавека, які жыве ў іншым горадзе ці там памаўляецца зь іншымі людзьмі? Асноўная праблема палягае ў тым, што ў Беларусі не існуе публічнай прасторы, супольнай прасторы, дзе можа ажыцьцяўляцца вольны абмен інфармацыяй. У нас парушаныя камунікацыі. Дакладней, не парушаныя, а яшчэ ня створаныя, іх ад пачатку не было. Панятак «камунікацыя» мае тэхнічнае сэнсавае адценьне. Тэхніка – справа спэцыяліста, які можа прыйсьці і ліквідаваць непаладкі. Але тут праблема значна глыбейшая. Для яе вызначэньня я панятак «камунікацыі» памяняю на панятак «дыялёг». Асноўная культурная праблема – гэта праблема дыялёгу, грамадзкага дыялёгу. Мы жывём у сытуацыі адсутнасьці супольнага інфармацыйнага і інтэлектуальнага поля. Нам неабходны нейкі грамадзкі форум, спэцыяльная прастора, дзе магчымыя сустрэчы розных людзей. Наша сёньняшняя сустрэча – гэта адна з магчымасьцяў, дзе камунікацыя і дыялёг могуць адбыцца. Адна сустрэча, канечне, ня створыць супольнага поля, публічнай прасторы. Падобныя сустрэчы павінны адбывацца часьцей. Але павінны існаваць і іншыя формы.

На заканчэньне мне хацелася б сказаць, што ў стварэньні супольнай публічнай прасторы агромністая роля належыць часопісам. І гэта павінна быць зразумела. У часопісаў ёсьць для гэтага сродкі, ёсьць патэнцыял ужо дзеля самой формы. Часопіс – гэта элемэнт публічнасьці. Але ў нашых складаных умовах, у нашай палітычнай сытуацыі роля і адказнасьць часопісаў несувымерна вышэйшая, чым у адносна больш багатых вольных краінах Захаду. Для гэтага рэдакцыямі павінна ажыцьцяўляцца спэцыяльная палітыка, прыкладацца дадатковыя намаганьні, каб садзейнічаць узьнікненьню супольнага інтэлектуальнага поля.

(...)

Валер Булгакаў:

Мне здаецца, мы адыходзім ад заяўленай тэмы круглага стала – «Крытычныя інтэлектуалы: сымбалічная барацьба і структурнае процістаяньне». У нас, з аднаго боку, усё зводзіцца да самабічаваньня (маўляў, сувязь з чытачамі парушаная, а Лукашэнка зьяўляецца інтэграцыйным цэнтрам, які яднае, структуруе і абуджае інтэлектуальную прастору), і з другога – да саладжавасьці і самазаспакоенасьці (не хапае ўсяго трошку посьпехаў і славы). Я хацеў бы наэлектрызаваць нашу сёньняшнюю дыскусію абгаворваньнем момантаў, якія не да канца былі агучаныя.

Ігар Бабкоў спрабаваў намацаць узаемныя стэрэатыпы аўтараў «ARCHE» і «Топоса». Ён закрануў вельмі сур’ёзную праблему ўзаемаадштурхоўваньняў у нашым інтэлектуальным асяродзьдзі. Мы ня ведаем адзін аднаго, прэзэнтуем розныя ідэалёгіі і кіруемся рознымі каштоўнасьцямі. Ідэалёгія беларускамоўных вельмі часта ўспрымаецца як аўтарытарная і дэструкцыйная. Зь іншага боку, актывізацыя творчасьці на расейскай мове ў Беларусі ў пэўных колах беларускай інтэлігенцыі бачыцца як яшчэ адна праява расейскага культурнага гегеманізму.

Таму неабходна абмяркоўваць узаемны нэгатыў. Сапраўды, для многіх аўтараў «ARCHE» часопіс «Топос» і асяродзьдзе, якое стаіць за ім, дагэтуль успрымаецца часткай правінцыйнага, абласнога расейскага інтэлектуальнага працэсу, зьвязанага зь Беларусьсю толькі геаграфічна, а не культурна. Адпаведна, толькі капрызам гісторыі тлумачыцца той факт, што ён зьявіўся ў Менску, а не ў Варонежы ці ў Екацерынбургу, калі гэта фармуляваць агрэсіўна. А зь іншага боку, часопіс «ARCHE» і агулам інтэлектуальны рух на нацыянальнай мове часта асацыюецца ня толькі з слабой філязофскай культурай, але і з ваяўнічым нацыяналізмам і антычалавечнасьцю.

І яшчэ вельмі важная тэма, якая не прагучала тут, гэта тэма візіі будучыні Беларусі. Гэтае пытаньне таксама расколвае нашу гуманітарную прастору. Стратэгічная мэта асяродзьдзя, якое я прадстаўляю, – гэта тварэньне нацыі па эўрапейскай культурнай мадэлі, куды больш пасьпяхова рэалізаванае сёньня ўва Ўкраіне. Гэта шлях пабудовы нацыі, якая цэмэнтуецца нацыянальнай культурай, валодае нацыянальнай ідэнтычнасьцю, існуе пераважна ў нацыянальнай інфармацыйнай прасторы і тым самым нарэшце пазбаўляе кіроўны аўтарытарны рэжым культурнай і палітычнай легітымнасьці, прыводзячы да дэмакратыі. З гэтага пункту гледжаньня пераход да дэмакратыі немагчымы без пабудовы такога мэтафізычнага канструкту, якім зьяўляецца культурная нацыя. Для рэдакцыі «Топоса» ці для ўсяго асяродзьдзя ЭГУ гэта, бадай, ня факт. Яго прадстаўнікі існуюць у сваёй прасторы, для іх гэтая ідэя не зьяўляецца асновасяжнай і фундамэнтальнай. Нас разьдзяляюць ідэі і каштоўнасьці, яны будуць разьдзяляць нас і выклікаць канфлікты, скрытыя ці яўныя супрацьстаяньні незалежна ад таго, хто цяпер пры ўладзе.

Наконт Лукашэнкі. Было сказана, што Лукашэнка атрымлівае дадатковую культурную і палітычную легітымацыю з боку сваіх крытыкаў. На самай справе, фэномэн Лукашэнкі прадукуе масу элемэнтарна несумленных трактовак і тлумачэньняў, калі браць дыскурс папулярных незалежных СМІ. Ці мае права крытычны інтэлектуал, калі ён ёсьць такім, пасіўна ўспрымаць гэтую хвалю маны? Уся гэтая хлусьня з часам атрымлівае правы грамадзянства ў мэдыйнай прасторы і ўваходзіць у сьвядомасьць беларускіх грамадзянаў, калі яе ня нішчыць пры дапамозе крытыкі.

Да таго ж лукашэнкаўскі рэжым палітычнымі мэтадамі хавае існаваньне ў грамадзтве сур’ёзных, калі не сказаць цывілізацыйных разломаў. Гледзячы штодня беларускае тэлебачаньне, можна і не здагадвацца, што наша грамадзтва разьдзіраецца знутра глыбокімі супярэчнасьцямі. Рэжым папросту стварае нам тэлевізійную карцінку, у якой даяркі дояць, трактары аруць, беларусы ўсе як адзін гавораць па-расейску і падтрымліваюць прэзыдэнта. Калі гэты рэжым заўтра заваліцца, пастаянныя гледачы беларускага тэлебачаньня пазаўтра сутыкнуцца з зусім іншай рэальнасьцю, у якой на месца аднаго старога Зянона Пазьняка прыйдуць сто новых Зянонаў Пазьнякоў. Канструюючы тэлекарцінку, лукашэнкаўцы нівэлююць беларускае грамадзтва: яны выводзяць за кадар нашы культурныя адрознасьці. У прынцыпе, гэта выбуханебясьпечна.

Маё заключэньне будзе правакацыйным. У цяперашняй сытуацыі крытычныя інтэлектуалы супрацьстаяць перадусім самім сабе, а ня ўладам.

Андрэй Горных:

Мне здаецца, няма болей падставаў жывіць ілюзіі наконт супольнага камунікацыйнага поля і ўнівэрсалізавальнай функцыі філёзафа на ім. Мы ўсе тут прадстаўляем цалкам маргінальныя дыскурсы. Філязофская грамада стала яшчэ адной субкультурай – побач з панкамі ці талкіеністамі. Больш за тое, усё больш складанай зьяўляецца камунікацыя паміж рознымі супольнасьцямі ўнутры філязофіі. Вылучаюцца субкультуры фэнамэнолягаў, постструктуралістаў ды іншых. У нас адбываецца той самы працэс паступальнай фрагмэнталізацыі і самазамыканьня моваў і сацыяльных групаў, які ўласьцівы для агульнай лёгікі капіталу. Мы думаем, што гэта наш унікальны досьвед. Але няма нічога новага пад месяцам. І казаць у першую чаргу трэба пра агульныя працэсы мадэрнізацыі і постмадэрнізацыі. Зь «яскравымі», але зусім не рэвалюцыйнымі беларускімі адхіленьнямі. Трэба паказаць, што цяперашняя Беларусь мае мала супольнага зь левай ідэяй, што яна прадстаўляе сабой спэцыфічны дробнабуржуазны нарост на целе капіталізму, грымасу, так бы мовіць, мадэрнізацыі. Што лепш мець «нармальны» капіталізм, але акурат у якасьці крытычнага аб’екта, ачышчанага ад больш архаічных вясковых напластаваньняў. Трэба аналізаваць незьлічоныя эфэкты глыбіннай лёгікі таварнага фэтышызму, ад якой у часы глябальнага кансьюмэрызму і «багатыя таксама плачуць». І каб зрабіць гэта хаця б крыху эфэктыўна, даводзіцца шукаць спосабы быць «папулярнымі» і па-за ўнівэрсытэцкімі аўдыторыямі, быць бачнымі ў публічнай сфэры. Баюся, у нас мала шанцаў пазьбегнуць спробаў быць «моднымі», «прадавальнымі», згуляць на полі мас-мэдыяў, каб не ператварыцца ў купку дашчэнту маргіналізаваных дзівакоў, цікавых толькі самім сабе.

Алена Гапава:

Я хачу падхапіць вось тое, што кажа Андрэй, і потым дадаць свае нейкія асабістыя рэчы. Безумоўна, вось тут існуе інтэлектуальны рынак як пэўнай краіны, так постсавецкая прастора, цэнтральная Эўропа і глябальны рынак. І, канечне, інтэлектуалы вырабляюць прадукт, які яны прадаюць на тых рынках, на якіх могуць. Вось нейкі прадукт можна прадаць празь беларускую мову, нават ня столькі тым, хто яго чытае, колькі пазыцыянаваць сябе людзямі, якія прадстаўляюць вось гэты новы беларускі дыскурс постмадэрнісцкі, то бок маніфэставаць сябе праз мову. Нейкі прадукт можна прадаць на расейскі рынак, але з расейскай мовай прыходзячы на расейскі рынак, ты ўсё адно вось гэты самы вясковы сваяк, які ніколі ня ўмее правільна нож класьці. І нават калі мы не прагаворваем гэтыя рэчы, мы насамрэч іх вельмі добра ведаем, ну калі мы сумленныя самі з сабою, калі ў нас ёсьць пэўны ўзровень асэнсаваньня, рэфлексіі сябе і навакольнай прасторы. І ўвогуле, тое, што мы цяпер абмяркоўваем, вось як мы насамрэч можам прадаць гэты праект пад назвай «Беларусь». Акурат таму мы цяпер разам, што стала зразумела, што аніякія іншыя прадукты з гэтай прасторы так вось прадаваць нельга, можна напэўна гэты вось прадукт. Магчымыя нейкія выключэньні, відавочна...

Але я хацела б адказаць Ігару на простыя выпады, «вы вось, вы, вы прыніжаеце, насьміхаецеся і г. д.»). Калі я пісала гэты тэкст у «Топос», я пісала яго ня тут, і мне здавалася немагчымым сказаць нейкія рэчы, будучы звонку. Я вырашыла, што я напішу пра клясу і нацыю, і што інтэлектуалы выражаюць інтарэсы нейкай клясы і далей нічога казаць ня буду. Я не магу сказаць людзям, якія тут і якія, можа быць, у небясьпецы, у вельмі складанай сытуацыі, што вось гэта гульня інтарэсаў, гульня элітаў, рэсурсы і гэтак далей – усё гэта проста мне здавалася немагчымым. У той жа час, жывучы на двух кантынэнтах, я ўвесь час чакала, калі настане той момант, калі за тое, што я жыву ня тут, мне пачнуць даваць па мордзе. Сёньня гэты вось дзень настаў, калі мне далі за тое, што я жыву ня тут. Акурат за гэта, ні за што іншае. І цяпер вось той другі тэкст, які быў дзесьці знутры, але які не напісаўся, таму што было немагчыма, нельга нейкія рэчы сказаць да канца – дык вось цяпер я, напэўна, яго напішу. Не пра тое, што інтэлектуалы купленыя, а што яны ўцягнутыя ў працэс, якога яны ня могуць пазьбегнуць...

Ігар Бабкоў:

Я думаю, што на гэтай вельмі аптымістычнай ноце можна скончыць нашу дыскусію.

Менск, 12 ліпеня 2005

Ад рэдакцыі: прамовы ўсіх удзельнікаў круглага стала, за выняткам Валера Булгакава і Андрэя Казакевіча, перакладзеныя з расейскай мовы.

   
   
Пачатак  Цалкам 

№ 6 (40) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/25